Директор Борщёвского детского сада-базовой школы Добрушского района Юрий Ярцев рассказал о учениках и учителях накануне 125-летия учреждения образования

Акунуцца ў гісторыю стварэння і развіцця Баршчоўскай базавай школы з канца 19-га стагоддзя па сённяшні дзень дапамагалі настаўніца беларускай мовы і літаратуры гэтай школы  Людміла Семашкевіч і яе дырэктар  Юрый  Ярцаў.  Нагода для віртуальнага падарожжа сур’ёзная –125-годдзе ўстановы. За гэтыя гады праз яе сцены прайшло шэсць пакаленняў вучняў і настаўнікаў.

– У 1892 годзе ў Баршчоўцы адкрылася царкоўна-прыходская школа, навучанне вёў мясцовы свяшчэннік,– распавядае Людміла Уладзіміраўна. –Заняткі ў такім фармаце працягваліся да Першай сусветнай вайны і скончыліся  рэфармаваннем  школы ў земскую, якой да 1930 года кіравала Валянціна Бахціна.

Гісторыя школы непарыўна звязана з вёскай. У Вялікую Айчынную вайну яна падзяліла лёс Баршчоўкі, была спалена фашысцкімі акупантамі. Праз некалькі месяцаў пасля вызвалення ўстанова аднавіла сваю работу. Месцам заняткаў да 1947 года была ўцалелая сялянская хата. З матэрыялаў, якія засталіся пасля царквы, пабудавалі новую школу.

– У “намоленых” сценах дзеці спасцігалі не толькі вучэбныя дысцыпліны, яны станавіліся патрыётамі Айчыны, – гаворыць настаўніца.– Інакш і быць не магло, бо вучылі дзяцей былыя франтавікі. Такія, як дырэктар Навум Бабраўнічы. На гэтай пасадзе яго змяніў удзельнік вайны, баршчовец, Міхаіл Бабраўнічы.

– Другое дыханне школа атрымала ў пачатку дзевяностых гадоў дваццатага стагоддзя, калі стала сярэдняй. У вёску прыехалі так званыя “перасяленцы-чарнобыльцы”. У тыя гады,  па словах Людмілы Семашкевіч, адметны след у жыцці педагогаў і школьнікаў пакінула дырэктар установы Валянціна Клімкова. Выдатны педагог, метадыст, прадметнік, яна  кіравала школай на працягу 28 год. – Намаганнямі дырэктара ў 1985 годзе ў школе быў створаны музей баявой і працоўнай славы, – расказвае Людміла Уладзіміраўна.– Тут праводзіліся ўрокі мужнасці, этнаграфічныя заняткі. За плённую працу Валянціна Клімкова была ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Да гутаркі падключаецца дырэктар базавай школы Юрый  Ярцаў. Па словах кіраўніка, асноўная каштоўнасць школы – педагогі. Напрыклад, настаўніца пачатковых класаў Надзея Грудавенка  адпрацавала больш за 40 гадоў.  Прафесіяналам з вялікай літары была Зоя Бугрымава. 

– З 20 педагогаў, якія працуюць зараз у школе, 8 – маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю,–  гаворыць дырэктар. – Настаўніца пачатковых класаў Ларыса Шаўцова – кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў. – Вучні настаўніцы рускай мовы і літаратуры Таццяны Ватаман – пастаянныя ўдзельнікі раённых і абласных алімпіяд. А вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па рускай мове неаднаразова былі лепшымі ў раёне.

Традыцыю настаўнікаў працягваюць вучні. Чацвёра выпускнікоў школы плённа працуюць у ёй настаўнікамі. Гэта Святлана Машукова, Вольга Машукова,  Алена Бугрымава і Андрэй Давыдаў. У 2016 го­дзе школа зноў стала базавай. Колькасць вучняў змяншаецца, але педагогі вераць: яна будзе жыць. Бо веды і духоўнасць – самае вялікае багацце людзей.

Падрыхтаваў Леанід ДУБОЎСКІ