Стоимость подписки на полугодие – 36 рублей.

Десять лет вокалисты-любители из деревни Носовичи радуют слушателей народными песнями

Рубрика:

Што можа быць агульнага ў настаўніцы пачатковых класаў, жывёлавода, заатэхніка, работнікаў газавай службы і старшыні сельскага Савета? Насаўлянка Марыя Раманенка і яе сяброўкі ведаюць адказ на гэта пытанне. Пасля выхаду на пенсію жанчыны арганізавалі вакальны ансамбль. Цяпер аб “Непаседах” ведаюць і за межамі нашага раёна. Не раз яны выступалі перад пацыентамі шпіталя інвалідаў у Гомелі, у санаторыях у Чонках і Васільеўцы, на шматлікіх раённых пляцоўках.

У мінулыя выхадныя ў Доме культуры аграгарадка адбыўся святочны канцэрт. Нагода для яго – вельмі прыемная. Ансамбль насовіцкіх ветэранаў “Непаседы” адзначыў 10-годдзе з дня ўтварэння.

Гісторыя творчага калектыву пачалася з сяброўскіх сустрэч.

– Да гэтага спявала толькі ў студэнцкім хоры, – расказвае адна з “Непасед” Валянціна Карпенка. – Многаму навучылася цяпер.

Ніводная з рэпетыцый не праходзіць без спрэчак. Толькі так нараджаюцца сапраўдныя творчыя знаходкі, заўважаюць жанчыны. Іх у рэпертуары “Непасед” спаўна хапае на  двухгадзінную канцэртную праграму. Любімыя пакаленнямі кампазіцыі, песні пра вясковае жыццё.

Назва ансамбля дакладна перадае тэмперамент яго ўдзельнікаў. Зараз у калектыве шэсць жанчын і акампаніятар Фёдар Грыневіч. Амаль усе прыйшлі па запрашэнні мастацкага кіраўніка Марыі Раманенка. І па клічы беспакойнага сэрца. Таму што хацелі не проста напоўніць зместам вольны час, а быць карыснымі людзям. Самай маладой у ансамблі – Ніне  Сакоўскай – за шэсцьдзесят, старэйшым, Валянціне Карпенка і Валянціне Гарадковай хутка па 8 дзясяткаў. Аднак лічбы ў пашпарце страчваюць актуальнасць, калі на сцэну выходзяць жыццярадасныя жанчыны ў белых кашулях. З ружовымі кветкамі на грудзях і ў яркіх спадніцах. Адметная рыса “Непасед” – іх манера выступлення. Заўсёды гэта дыялог з гледачом. Не выключэннем стаў і гэты творчы вечар.

Павіншаваць удзельнікаў з важнай падзеяй, пажадаць ім творчых поспехаў прыйшоў кіраўнік сельвыканкама Сяргей Бічукоў. Ён адзначыў значны асабісты ўклад у развіццё самадзейнасці мастацкага кіраўніка ансамбля Марыі Раманенка ўдзячнасцю, а за заслугі ў мастацкай самадзейнасці калектыву ўручана Ганаровая грамата. Шмат цёплых слоў сказала ў адрас ўдзельнікаў ансамбля галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Лузгіна. Яна ўручыла кожнаму члену калектыву падзякі за актыўную культурную і грамадскую дзейнасць, прапаганду традыцый нацыянальнай культуры.

Пажаданні ад работнікаў культуры раёна перадала вяскоўцам і дырэктар раённага Палаца культуры Людміла Пугачова. А музычнае віншаванне ад кіраўніка народнага мужчынскага вакальнага ансамбля “Талака” Сяргея Сідарэнкі стала ўпрыгожаннем канцэртнай праграмы і прыемным сюрпрызам для гледачоў.

За ўдзел у грамадскім жыцці і патрыятычнае выхаванне юнага пакалення калектыву падзякавала дырэктар Насовіцкай школы Наталля Пабедзіна. А педагог установы адукацыі Віктар Серпікаў напісаў для самадзейных артыстаў верш. Не здзіўлюся, калі праз некаторы час таленавітыя жанчыны пакладуць гэтыя словы на музыку, атрымаўшы яшчэ адзін эксклюзіўны нумар у сваім рэпертуары.

Ёсць планы ў “Непасед” і на наступнае дзесяцігоддзе. Хоць, як прызналася мастацкі кіраўнік Марыя Раманенка, яшчэ некалькі гадзін назад яна хацела абвясціць, што гэты канцэрт – апошні ў яе музычнай кар’еры...

Наталля ВАСІЛЬЕВА

Фота аўтара