Делегат Всебелорусского народного собрания от Добрушского района Виталий Дроздов ответил на пять вопросов районки

Делегат Всебелорусского народного собрания от Добрушского района Виталий Дроздов ответил на пять вопросов районки.

– Віталь Сяргеевіч, якія з пытанняў, разгледжаных на форуме, з’яўляліся, на Ваш погляд, самымі актуальнымі на бліжэйшую пяцігодку?
 – Што тычыліся рэфармавання эканомікі і развіцця сельскай гаспадаркі. На сходзе зроблены прынцыповы аналіз сітуацыі ў Беларусі. Вызначаны галоўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і шляхі павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва, яго медыцынскага абслугоўвання.

– Чым для Вас, прадстаўніка медыцыны, з’явіўся ўдзел у рабоце важнага і маштабнага форуму?
– Прымаць удзел у рабоце рэспубліканскага форуму – ганарова і адказна. Я ўдзячны сваім калегам, упаўнаважаным раёна, усім, хто вылучыў маю кандыдатуру і галасаваў за мяне. Па сутнасці, на пятым Усебеларускім народным сходзе я прадстаўляў не толькі свой калектыў, але і медыцыну раёна. Дзяржава пастаянна аказвае дапамогу медыкам у набыцці новага абсталявання, лекаў, будаўніцтве бальніц і іншых медыцынскіх устаноў. Але і нам, грамадзянам, неабходна паклапаціцца пра сваё здароўе. У гэтай справе шмат залежыць ад нас саміх. Прыйшоў час не на словах, а на справе весці здаровы лад жыцця, актыўна займацца фізічнай культурай, берагчы здароўе.
– Падзяліцеся асабістымі ўражаннямі ад выступлення на форуме Прэзідэнта краіны.
–  Сотні разоў бачыў выступленні Прэзідэнта па тэлебачанні, але той маральны ўздым, які адчуў падчас яго выступлення на сходзе, перадаць немагчыма. Безумоўна, Прэзідэнт з’яўляецца не толькі вопытным палітыкам, але і таленавітым аратарам, якога хочацца слухаць. Пачутае з яго вуснаў кладзецца на сэрца. І гэта не толькі маё ўражанне.
Запомніў словы Прэзідэнта, які, у прыватнасці, адзначыў, што мы харчуемся так, што гэта на 50-60 працэнтаў з’яўляецца прычынай нашых захворванняў. Калi б мы кожнаму давялi культуру харчавання, паклалi на стол правільнае меню, у нас было б менш хвароб. Гэта пытанне не проста заслугоўвае ўвагi. Iм трэба займацца штодзённа. Да сказанага дадаць нешта цяжка…
– З якім настроем вярнуліся з Усебеларускага сходу?
– З добрым. Выбраная эканамічная мадэль апраўдала сябе: яна дазваляе рухацца наперад, уздымаць эканоміку краіны, павышаць дабрабыт грамадзян, з аптымізмам глядзець у будучыню. Дзякуючы добрасумленнай працы кожнага з нас Беларусь абавязкова стане заможнай краінай.
– На Вашу думку, якая ідэя сёння аб’ядноўвае жыхароў Беларусі?
– Ідэя нацыянальнага адзінства. Мы павінны памятаць і ганарыцца сваёй гісторый, сваімі знакамітымі продкамі, імёны якіх ведае ўвесь свет. Рабіць усё, каб памножыць славу краіны.  
Леанід ДУБОЎСКІ
Фота Яўгена УСЦІНАВА